Цікавыя беларускія словы!

ЯЛАВІЧЫНА

«Свініна ёсць, гавядзіна бывае, а вось ялавічына? Што гэта?..»  Мала хто і з суразмоўнікаў-гандляроў на славутай Камароўцы быў абазнаны, што «ялавічына» — гэта беларускамоўны адпаведнік рускаму «говядина» (мяса каровы як ежа). Для большасці яно не выклікала ніякіх асацыяцый.

А між тым слова «ялавічына» — агульнапрынятая яшчэ з 20-х гадоў ХХ стагоддзя норма беларускай літаратурнай мовы. Яно ўтварылася ад «ялавіца» (ялавая — бясплодная — карова) і па сёння фіксуецца літаральна ўсімі слоўнікамі нашай мовы, рэгулярна выкарыстоўваецца ў перыядычным друку, у творах беларускіх пісьменнікаў. «Праз гадзіну на вогнішчах смажыліся вялізныя кавалкі ялавічыны, круціліся на ражнах цэлыя авечкі» (У. Караткевіч).

Слова ж «гавядзіна» з’яўляецца абласным, нелітаратурным. Паходзіць яно з праславянскай мовы (govedo — буйная рагатая жывёла, скаціна) і лічыцца нормай толькі для рускай мовы. У нашых дыялектах сустракаецца сугучнае слова «гавяда» (буйная рагатая жывёліна, карова): «Калі хлопец вырас, дык пачаў ганяць гавяду на пашу» (Я. Баршчэўскі). Рускі адпаведнік яму — «скот». Прыметнік гавя­джы ўтвораны менавіта ад «гавяда» на ўзор мя­дзведзь — мядзведжы. Пры перакладзе на рускую мову гэта будзе скотный, для скота; гавяджы хлеў — скотный хлев. Таму ні ў якім разе не варта пісаць па-беларуску «гавяджы фарш», «гавяджыя катлеты». Адзі­на правільныя варыянты — «ялавічны фарш», «ялавічныя катлеты».

Прыемна ўсведамляць, што ў меню многіх рэстаранаў, напісаных па-беларуску, слова «ялавічына» сёння не рэдкасц­ь: ялавічына з лоем, ялавічына з грыбамі, ялавічына з сырам, ялавічына па-фламандску. У Iнтэрнэце прапануецца гульня «Ялавічына», у асобных рэгіёнах Беларусі існуюць жывёлагадоўчыя праграмы «Ялавічына».

Варта і нам, пакупнікам і гандлярам, часцей прамаўляць гэтае слова, і тады яно стане звыклым, родным, сваім. Як слушна заўважыў В. Марціновіч у прадмове да кнігі «Сцюдзёны вырай»: «Слова жыве, калі яно ёсць у масавай свядомасці, без яе нагадвае экспанат з музея этнаграфіі».

Уладзімір Куліковіч

КІЯХ

Наламаць маладзенькіх кукурузных пачаткаў і, сеўшы пад дрэвам, смачна хрумстац­ь, асця­рожна пазіраючы па баках, ці не ёсць дзе паблізу сямейства дзікоў, якіх вельмі часта здаралася сустракаць сярод бязмежнага мора кукурузных сцёблаў. Крыху пазней ад маці, якая была родам з Віцебшчыны, даведаўся, што пачаткі гэтыя называюцца кіяхамі.

Слоўка гэтае належыць да абласных і прыйшло да нас, як, верагодна, і да іншых народаў, са старажытнай Балгарыі. Напрыклад, у цюркскіх мовах яно мае форму «кіяк», ва ўкраінскай — «кияки, киях, кияшина, кияшник, кияк, кияшки» i служыць для назвы дзівасілу, аеру, мячэўніку і нават кукурузы. У рускай мове «киях» абазначае мячэўнік — расліну з даўгаватымі, гладкімі катахамі на верхавіне, якія вонкава вельмі падобныя да кукурузы.Нашы слоўнікі даюць адзі­нае напісанне гэтага слова, але ў народнай мове бытуе і другі варыянт — кіяш. Сустракаем яго ў прозе У. Караткевіча: «На поўдні і ў Пры­дняпроўі вялікім поспехам карыстаюцца „кіяшы“ — вараная маладая кукуруза. На кіяш кладуць кавалак масла і, пакуль не растаў, падсольваюць і ядуць».

Шчодра пасыпаныя соллю кіяхі і ў наш час можна сустрэць на любым пляжы, вулічных латках і нават у закусачных хуткага харчавання. Неаднаразова згадваюцца яны і ў песенным фальклоры беларусаў:

— На абед што будзеш есці, мілы мой, міленькі?

На абед што будзеш есці, голуб мой сівенькі?

— Ой, булён, міла, калдуны, міла,

Кіяхі, о-ха-ха, чарнабровая мая!

Паспрабуйце! Я ўпэўнены: ніякі папкорн не зможа параўнацца з гэтай сытнай, смачнай і карыснай ежай. Тым больш што кіяхі вельмі каларыйныя: у іх больш калорый, чым у фасолі ці гарошку, багата вугляводаў, крухмалу. Заўважана, што яны незамяняльныя для тых, хто сочыць за сваёй вагой, дапамагаюць пры захворваннях пячонкі, іх выкарыстоўваюць для лячэння дызентэрыі, нер­вовай сістэмы. А рэгулярнае ўжыванне кукурузнай кашы з сырам сулугуні і кукурузным маслам зніжае верагоднасць анкалогіі.

Уладзімір Куліковіч

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.