- Беларуская мова адносіцца да групы ўсходнеславянскіх моў разам з рускай і ўкраінскай. Пераважна распаўсюджана на тэрыторыі Беларусі, а таксама ў памежных рэгіёнах Літвы, Польшчы (мае статус рэгіянальнай), Расіі ды Украіны. Па-беларуску размаўляюць між сабой эмігранты ў ЗША, Канадзе, Аўстраліі ды іншых краінах.
- Наша мова мае тры алфавіты. Кірылічны пачаў ужывацца ў час існавання старабеларускай мовы — у 14 ст. У нашы дні гэта самы масавы варыянт алфавіту. Лацінка ў беларускай мове з‘явілася ў 16 ст. Ёй актыўна карысталіся беларускія літаратары 19 ст. Сярод іх — Францiшак Багушэвiч, аўтар прарочага звароту да суайчыннікаў «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!».
У 2007-м беларускую лацінку ў тапаніміі зацвердзіў Міжнародны камітэт ААН.
- У беларускай мове выкарыстоўваюцца два правапісы. Закладзены ў 1918-м мовазнаўцам і грамадска-палітычным дзеячам Браніславам Тарашкевічам правапіс на сёння называецца класічным, або «тарашкевіцай». Ад пачатку 90-х ім карысталіся адноўленая газета «Наша Ніва» ды іншыя выданні.
У 1933-м, а таксама ў канцы 1950-х правапіс змянілі ў рамках русіфікацыйных рэформаў. Рэфармаваны правапіс мае нефармальную назву «наркамаўка». Пасля ўступлення ў сілу правапіснага закона 2008-га ён канчаткова замацаваў за сабой статус афіцыйнага правапісу.
- У выніку шматгадовага суіснавання беларускай і рускай мовы з‘явілася так званая трасянка. Лічыцца, што гэтая моўная з‘ява стала наступствам камунікацыі пераважна беларускамоўнага вясковага насельніцтва з рускамоўным горадам.
- Скульптурным увасабленнем адметнасці беларускай мовы з‘яўляецца помнік літары «Ў» у Полацку (2003 год). Ля падножжа скульптуры выбітыя радкі з верша народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна: «Ад Еўфрасінні, ад Скарыны, ад Полацка пачаўся свет». Аўтар праекту — мастак і дызайнер Ігар Куржалаў.
- 6. У 1989-м было заснавана Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Фактычна яно выконвае функцыю паўнавартаснага дзяржаўнага інстытута. Адукацыя, юрыдычная абарона, кансультацыі ў пытаннях тэрміналогіі, выдавецкая дзейнасць ды многае іншае.
- 7. 21 лютага, у Сусветны дзень роднай мовы беларусы традыцыйна пішуць агульнанацыянальную дыктоўку. Упершыню яна прайшла 23 сакавіка 2008 года.
- 8. Многія з вас бачылі сацыяльную рэкламу «Смак беларускай мовы» і «Родныя даты». Гэта ўсё праекты кампаніі «Белзнешрэклама», якая тлумачыць сваю ініцыятыву так: «Беларуская мова мае непараўнальнае зачараванне, сакавітае гучанне, спецыфічны каларыт, гэта сапраўды ўнікальная мова, самая мілагучная пасля італьянскай і самая старажытная сярод славянскіх моў».
- 9. Прыкладам павагі да беларускай мовы для многіх беларусаў служаць паслы замежных краін, якія актыўна выкарыстоўваць яе у публічнай сферы. Адным з першых па-беларуску загаварыў пасол ЗША Джордж Крол. Яго ініцыятыву падхапілі шведскі пасол Стэфан Эрыксан, літоўскі — Эдмінас Багдонас ды іншыя. Гэтыя замежныя дыпламаты натхнілі на вывучэнне роднай мовы многіх беларусаў.
- 10. Венгерскі матэматык і лінгвіст Андраш Корнай апублікаваў у 2013-м навуковую працу «Лічбавая смерць моў». Ён вывучаў сусветныя мовы, якія знаходзяцца пад пагрозай вымірання ў інтэрнэце і ў электронных прыладах. Беларуская мова апынулася ў ліку бясспрэчна жывых.