У нашым этнаграфічным кутку «Хата з матчынай душою» асаблівае месца займаюць карабы і кашы. Кожны вясковы пастушок умеў некалі плесці кашы. Часу для гэтага на пашы хапала. Патрэбны былі толькі востры ножык-складанчык, лазовыя дубцы ці сасновыя карэньчыкі. Ды яшчэ, вядома, майстэрства.
Кош – паўкруглая пасудзіна-пляцёнка для гаспадарчага ўжытку. Спачатку рабілі аснову – абручы з гнуткіх прутоў. Пасля на іх навівалі, шчыльна пераплятаючы, лазу або карэньчыкі. У кожным двары абжывалася цэлае сямейства кашоў, вялікіх і малых. Без іх, лёгкіх і зручных, не абыходзіліся ні дарослыя, ні дзеці.
У каша быў сваяк – кораб. Прыгожыя, яны глядзеліся як ганчарны посуд, сплецены з лубу, бяросты, лазы ці саломы. Часта карабы зачыняліся вечкам, каб лепш было захоўваць і пераносіць у іх збожжа, крупы, муку.
Патлумачце, калі і чаму так гавораць: «Не той грыб, што ў пошуку, а той, што ў кошыку», «Калі нягож, не лезь у кош», «Наплёў сем карабоў».