З 24 красавіка па 29 красавіка 2023 года ў пачатковай школе прайшоў тыдзень беларускай мовы і літаратуры «Як ты дорага мне, родная мова!». Дэвізам тыдня сталі вершаваныя радкі:
…І ў палацы, і на сцежцы вузкай,
Каб душа магла пачуць душу,
Размаўляй са мной па-беларуску,
Размаўляй па-роднаму, прашу.
Марыя Новікава
Мэта тыдня — падтрымаць цікавасць вучняў да беларускай мовы і літаратуры як да вучэбных прадметаў і як да духоўнага здабытку народа. Гульнёвыя праграмы, віктарыны, моўныя турніры, конкурсы і аўкцыёны садзейнічалі развіццю інтэлектуальных магчымасцей школьнікаў, іх творчых здольнасцей, выхаванню любові і павагі да роднай мовы. Акцыя “Далучы сваю далонь” паказала шчырасць і неабыякавасць нашых вучняў да лёсу мовы і Радзімы. Запамінальным быў конкурс чытачоў “Мова родная – мова модная”. У ім прынялі ўдзел вучні, якія праз паэтычныя радкі змаглі выказаць цікавасць да літаратурнай спадчыны сваёй краіны і перадаць пачуццё гонару за свой народ. Забаўляльная праграма “Беларускія гульні” таксама садзейнічала працэсу разумення і авалодвання беларускай мовай, выкарыстанню трапных выразаў у паўсядзённым жыцці. Школьнікі прынялі актыўны ўдзел у віктарыне “Па старонках беларускіх народных казак”. У час мерапрыемства быў вызначаны самы кемлівы знаўца беларускіх народных казак. Конкурс-афішаванне «Мой любімы літаратурны герой» дазволіў вучням паспрабаваць сябе ў ролі мастакоў. Дзеці з вялікім задавальненнем зрабілі малюнкі да любімых беларускіх твораў. Падчас гульні “Загадкі з бабулінай хаткі” хлопчыкі і дзяўчынкі ўзбагачалі свой слоўнікавы запас, выхоўвалі павагу да роднага слова праз знаёмства са спадчынай беларускага народа. На моўным турніры “Гонкі за ведамі” вучні з захапленнем адгадвалі крыжаванкі і рэбусы, складалі прыказкі, адказвалі на пытанні. Прыемна было пачуць беларускае слова на інтэрактыўным перапынку “Знаўцы беларускай мовы”. Па выніках конкурсу «Мой сшытак – мой твар» быў вызначаны самы лепшы сшытак у кожным класе. Усе мерапрыемствы тыдня садзейнічалі далучэнню вучняў да беларускай літаратурнай спадчыны, прывіццю любові да роднага беларускага слова, выхаванню нацыянальнай самасвядомасці.