Ужыванне і правапіс часціц не, ні
Ужыванне часціц не і ні абумоўлена іх значэннем.
Ужыванне часціцы не
Значэнні часціцы не | Калі ўжываецца | Прыклады |
Адмаўленне | Калі знаходзіцца пры выказніку | З касою пагоды не чакаюць.
Служба не дружба. Гэта не чорны колер. |
Сцвярджэнне | Не + магчы + не + інфінітыў | З усім гэтым я не мог не пагадзіцца.
Я не мог не сказаць вам гэта. |
У рытарычных сказах | Каму не вядома імя асветніка Францыска Скарыны?
Дзе ж я мог не заехаць? |
Ужыванне часціцы ні
Значэнне часціцы ні | Калі ўжываецца | Прыклады |
Узмацненне адмаўлення | Не (няма, нельга, няможна) + ні | Нельга спыніцца ні на хвіліну.
На вуліцы ні душы (маецца на ўвазе няма ні душы). |
Узмацненне сцвярджэння | Што (б) ні, хто (б) ні, як (бы) ні, куды (б) ні, дзе (б) ні і пад. | Дзе ні пойдзеш, песні кружаць роем.
Куды ні глянь, усё бялютка. |
Значэнне злучніка ў адмоўным сказе | Можна замяніць злучнікам і | Я ні ў жыцці, ні ў людзях не зняверыўся (і ў жыцці, і ў людзях). |
Няўпэўненасць | Ва ўстойлівых выразах (фразеалагізмах) | Ні хаты ні лапаты, ні складу ні ладу, ні жывы ні мёртвы і пад. |
Адрознівайце: не раз (многа раз, часта) – ні разу (ніколі); не адзін (многа) – ні адзін (ніхто): ні адзін не ведаў – не адзін ведаў, ні адзін не прыйшоў – не адзін прыйшоў; ні разу не бачыў – не раз бачыў, ні разу не гаварыў – не раз гаварыў.
Устаўце патрэбную часціцу (не або ні):
У сэрцы … было ўжо месца … любасці, … захапленню, … радасці.
Я … разу … быў у Маскве.
Як тут … сказаць!
На небе … хмурынкі.
Амаль усё, за што б … браўся хлопец, давалася яму лёгка.
Я … мог … заехаць да вас.
… раз мне даводзілася быць у гэтых месцах, але я … разу … бачыў мядзведзя, хоць ён тут і водзіцца.
КЛЮЧ.
У сэрцы не было ўжо месца ні любасці, ні захапленню, ні радасці.
Я ні разу не быў у Маскве.
Як тут не сказаць!
На небе ні хмурынкі.
Амаль усё, за што б ні браўся хлопец, давалася яму лёгка.
Я не мог не заехаць да вас.
Не раз мне даводзілася быць у гэтых месцах, але я ні разу не бачыў мядзведзя, хоць ён тут і водзіцца