Адраджэнне нацыянальных традыцый, народнай спадчыны становіцца прадметам пільнай увагі ў сістэме работы нашай школы. Народная культура — найважнейшая частка гістарычнай спадчыны, якая спрыяе фарміраванню нацыянальнай свядомасці будучых пакаленняў.
Народная спадчына — вось той агеньчык, які асвятляе нашы душы, прымушае па-іншаму зірнуць на тое, як жылі іх продкі.
Пружаншчына — старонка з багатай гісторыяй, самабытнай культурай, вялікай духоўнай спадчынай. Спадчынай, якая сёння, на жаль, у многім забыта, але якая ўсё роўна жыве і сілкуе народ, бо ўжо закладзена ў яго генетычны код. Вельмі важна з самага малку адчуць у сабе пачуццё Радзімы — зямлі, на якой мы нарадзілася, якая дала нам жыццё — усё тое, што набыта і адпрацавана ў мінулым нашымі продкамі, пашану да якіх мы мусім набыць праз любоў да сваіх бацькоў, да сям’і і роду, да сваёй малой Радзімы — вёскі, горада, краю.
Кожны край мае сваю гісторыю, самабытную непаўторную культуру і прыродную спадчыну. Вывучэнне гістарычнага мінулага дазваляе ўбачыць малюнкі жыцця нашых продкаў, паказаць вытокі сучаснасці. Тым больш, кожны чалавек павінен ведаць гісторыю родных мясцін, культурныя традыцыі свайго краю, знакамітых землякоў — продкаў і суайчыннікаў, якія многа зрабілі для Айчыны, для дабра і прыгажосці на зямлі. А ведаць — значыць цаніць і берагчы, ганарыцца і будзіць нацыянальны гонар, пачуццё патрыятызму.
Мы павінны вывучаць сваю родную мову, ведаць i шанаваць яе. Мы павінны ведаць і вывучаць беларускую літаратуру і культуру.
Настаўнікі і вучні нашай школы на працягу многіх гадоў актыўна ўдзельнічаюць у пошукава-даследчай дзейнасці па вывучэнні гісторыі, культуры, прыроды роднага краю праз урочную і пазакласную дзейнасць. Вынікі рознабаковай дзейнасці настаўнікаў і навучэнцаў знайшлі адлюстраванне і ў рабоце школьнага этнаграфічнага кутка, які з’яўляецца творчай лабараторыяй вучняў, цэнтрам пошукава-даследчай, асветніцкай дзейнасці, своеасаблівым дапаможнікам на ўроках беларускай мовы і літаратуры.
Работа нашага невялікага этнаграфічнага кутка накіравана на адраджэнне і вывучэнне беларускай культуры. Мы жывём у свеце, дзе ўсё становіцца аднолькавым, стандартным. На нашых вачах знікае традыцыйная культура народаў — звычаі, абрады, пабудовы, касцюмы, песні — тое, што робіць нас адметнымі ў гэтым свеце. Сваім даследаваннем мы можам дапамагчы захаваць, выратаваць, вярнуць з нябыту тое, што можа знікнуць назаўсёды.