Рыхтуемся да экзамену па беларускай мове ў 9 класе.
- Падчас першага чытання тэксту звярніце увагу на яго моўныя асаблівасці, структуру. Трэба пастарацца вылучыць мастацкія сродкі. Самае важнае зразумець, што хацеў сказаць аўтар? Падчас першага прачытання тэксту звычайна не рэкамендуюць што-небудзь пісаць, а вось пасля — запісаць асноўныя, ключавыя словы і словазлучэнні для раскрыцця асноўнай думкі, прычым пакідаць паміж імі вялікую пустую прастору, каб потым можна было ўпісаць яшчэ. Адразу вызначце стыль (мастацкі, навуковы, публіцыстычны, афіцыйна-дзелавы, гутарковы). Памылкай з’яўляецца менавіта змена стылю пры напісанні пераказу.
Калі пачуеце незразумелыя словы, абавязкова высветліце іх значэнне (практыка паказвае, што ў словах, значэнне якіх невядома, робяцца памылкі).
- Наступнай важнай задачай з’яўляецца вызначэнне тыпу маўлення: апісанне, апавяданне, разважанне. Пры апісанні вызначце прадмет і яго прыкметы, якія выбраны аўтарам як характэрныя. Калі гэта апавяданне, то як пачынаюцца падзеі, якая кульмінацыя (самае напружанае сюжэтнае дзеянне) і развязка. Пры разважанні неабходна дакладна выявіць тэзіс, доказы і выснову.
- Пасля першага праслухоўвання можаце накідаць план тэксту. Чым падрабязней ён будзе, тым лягчэй вам будзе аднавіць зыходны змест. Дзякуючы плану будуецца лагічная схема пісьмовай працы.
- Галоўная мэта другога праслухоўвання — канкрэтызацыя першапачатковых уражанняў. Запішыце ключавыя словы і словазлучэнні, пастарайцеся прасачыць развіццё кожнай мікратэмы. У пакінутыя пустоты ўпішыце словы, якія будуць удакладняць змест. Пасля завяршэння паўторнага чытання прыступайце да напісання чарнавога варыянту пераказу.
- Спачатку пішыце так, як вам запомнілася. Затым загляніце ў запісы, зробленыя падчас другога чытання, і ўнясіце патрэбныя змяненні, дапаўненні. Прачытайце, што ў вас атрымалася; пры гэтым сачыце за тым, каб выказванне вызначалася паслядоўнасцю, лагічнасцю, каб не было сказаў, сэнс якіх цяжка обо ўвогуле нельга зразумець. Прачытайце тэкст яшчэ раз, звяртаючы ўвагу на тое, ці ўдала вы падзялілі яго на абзацы. Пры наступным чытанні праверце напісанне слоў і пастаноўку знакаў прыпынку. Важна асэнсаваць, для чаго патрэбны той ці іншы знак прыпынку і які знак павінен стаяць у кожным канкрэтным выпадку (калі вы не ўпэўнены, лепш перабудаваць сказ такім чынам, каб знак прыпынку не выклікаў у вас пытанняў).
- Некалькі хвілін адпачніце, а потым перапісвайце работу на чыставік. Старайцеся не рабіць выпраўленняў і пісаць разборліва, думайце над кожным пераносам. Прачытайце тэкст яшчэ раз. Зверце чыставік з чарнавіком. Калі дазваляе час, крыху адпачніце і потым яшчэ раз прачытайце сваю работу так, як чыталі чарнавік.
Звярніце ўвагу на:
- правапіс о, э, а (ы), а таксама е, ё, я;
- напісанне прыслоўяў і спалучэнняў, блізкіх да прыслоўяў;
- ужыванне часціц не, ні;
- напісанне часціцы не з рознымі часцінамі мовы;
- напісанне прыназоўнікаў (прыназоўніка с не бывае).
Для таго, каб правільна паставіць знак прыпынку, трэба высветліць яго ролю ў сказе (раздзяляе аднародныыя члены, часткі простага сказа, ставіцца на месцы пропуску выказніка і г.д.).