Васіль Быкаў. Чатыры факты, якія ведае не кожны беларус
1. Быкаў мог стаць мастаком ці скульптарам
Далёка не кожны беларус ведае, што свой лёс Быкаў мог звязаць з маляваннем, калі б… не загад Сталіна. Пасля заканчэння школы ва ўзросце 15 год Васіль Уладзіміравіч паступіў на скульптурнае аддзяленне Віцебскага мастацкага вучылішча. Але правучыўся там толькі год. У сваёй аўтабіяграфічнай аповесці «Доўгая дарога дадому» ён сціпла ўспамінаў: «Вучыцца там доўга не прыйшлося, бо ў 1940 годзе стыпендыю адмянілі, і гэтая абставіна вярнула мяне ў вёску.
Аднак гэты эпізод з жыцця насамрэч быў больш драматычным, успамінала ў відэаінтэрв’ю сястра класіка Валянціна Уладзіміраўна. Акрамя таго што стыпендыі адмянілі, за навучанне пачалі браць плату, суадносную з коштам каровы. Аднак прадаць жывёлу – значыла выракчы звычайную вясковую сям’ю на галодную смерць.
2. Пісьменніка памылкова «пахавалі» падчас вайны і ўшанавалі на помнікавым абеліску.
Падчас удзелу ў Кіраваградскай аперацыі (Украіна) на Вялікай Айчыннай вайне Васіль Быкаў быў цяжка паранены ў плячо і жывот. Памылкова яго запісалі як загінулага, а родныя Быкава атрымалі «пахаронку». Да таго ж яго імя было засведчана на помнікавым абеліску ў гэтых мясцінах. Аднак адна дэталь дапамагла сям’і зразумець, што ўсё гэта памылка: перад «пахаронкай» родныя атрымалі ліст ад самаго Васіля Быкава. Пазначаная дата сведчыла, што ліст ад сына быў адпраўлены пазней за паведамленне пра гібель.
3. У Беларусі ёсць толькі адна вуліца Быкава .
Па апошніх дадзеных, у нашай краіне існуе толькі адна вуліца, названая ў гонар Васіля Быкава: яна знаходзіцца ў пасёлку Ждановічы пад Мінскам. Гэткую назву яна атрымала адносна нядаўна, пару год таму, дзякуючы ініцыятыве мясцовых жыхароў.
4. Як італьянскі рэжысёр марыў зняць фільм па Быкаву, а Машэраў плакаў на прэм’ерным паказе.
З фільмамі, што здымаліся па творах Васіля Быкава, звязаныя цікавыя гісторыі. Напрыклад, каб пазбегнуць неапраўданай цэнзуры кінастужкі «Восхождение» (1976), што здымалася па ваеннай аповесці «Сотнікаў», рэжысёр пайшла на невялічкі хітрык. У абыход «Масфільма» здымачная каманда запрасіла на першы прагляд Пятра Машэрава, які тады працаваў першым сакратаром ЦК КПБ. Напачатку былы партызан быў настроены скептычна (маўляў, што можа разумець у вайне жанчына – рэжысёр стужкі Ларыса Шапіцька). Аднак, па успамінах сведкаў, ужо на палове стужкі ён нават не хаваў сваіх слёз. Пасля прагляду Машэраў, у парушэнне традыцый, першым выйшаў на сцэну, дзе каля 40 хвілін дзяліўся сваім захапленнем. Праз пару дзён фільм афіцыйна прынялі без аніводнай праўкі.
А вось на адну з першых экранізацый твораў Быкава — па аповесці «Альпійская балада» — прэтэндаваў вядомы італьянскі кінарэжысёр Джузэпэ Дэ Санціс. У 1965 годзе ён звяртаўся да кіраўніцтва кінематаграфіі СССР з прапановай набыць правы на пастаноўку фільма. У Рыме гэтым часам нават пачаўся адбор акцёраў на галоўныя ролі Івана і Джуліі. Але яму адмовілі, і стужку «у працу» перадалі савецкаму рэжысёру Барысу Сцяпанаву. Ужо падчас здымак у СССР на кінапляцоўку спецыяльна прыехала італьянская акцёрка, якая некалі прайшла той самы конкурс на роль Джуліі ў Рыме. Жанчына прыляцела на самалёце толькі дзеля таго, каб убачыць калегу, якой пашчасціла здымацца ў фільме па творы Быкава.
Сучасная экранізацыя аповесці «У тумане» (2012) рэжысёра Сяргея Лазніцы ўдзельнічала ў конкурснай праграме 65-га Канскага фестывалю, а прэм’ера фільма ў Мінску суправаджалася аншлагамі. Пазней фільм атрымаў шэраг узнагарод на іншых міжнародных конкурсах і актыўны водгук з боку прэсы. З гэтай нагоды імя Васіля Быкава было ўзгадана на старонках сусветнавядомай газеты New York Times падчас прэм’ерных паказаў фільма на Манхэтане ў ЗША.