«Свініна ёсць, гавядзіна бывае, а вось ялавічына? Што гэта?..» Мала хто і з суразмоўнікаў-гандляроў на славутай Камароўцы быў абазнаны, што «ялавічына» — гэта беларускамоўны адпаведнік рускаму «говядина» (мяса каровы як ежа). Для большасці яно не выклікала ніякіх асацыяцый.
А між тым слова «ялавічына» — агульнапрынятая яшчэ з 20-х гадоў ХХ стагоддзя норма беларускай літаратурнай мовы. Яно ўтварылася ад «ялавіца» (ялавая — бясплодная — карова) і па сёння фіксуецца літаральна ўсімі слоўнікамі нашай мовы, рэгулярна выкарыстоўваецца ў перыядычным друку, у творах беларускіх пісьменнікаў. «Праз гадзіну на вогнішчах смажыліся вялізныя кавалкі ялавічыны, круціліся на ражнах цэлыя авечкі» (У. Караткевіч).
Слова ж «гавядзіна» з’яўляецца абласным, нелітаратурным. Паходзіць яно з праславянскай мовы (govedo — буйная рагатая жывёла, скаціна) і лічыцца нормай толькі для рускай мовы. У нашых дыялектах сустракаецца сугучнае слова «гавяда» (буйная рагатая жывёліна, карова): «Калі хлопец вырас, дык пачаў ганяць гавяду на пашу» (Я. Баршчэўскі). Рускі адпаведнік яму — «скот». Прыметнік гавяджы ўтвораны менавіта ад «гавяда» на ўзор мядзведзь — мядзведжы. Пры перакладзе на рускую мову гэта будзе скотный, для скота; гавяджы хлеў — скотный хлев. Таму ні ў якім разе не варта пісаць па-беларуску «гавяджы фарш», «гавяджыя катлеты». Адзіна правільныя варыянты — «ялавічны фарш», «ялавічныя катлеты».
Прыемна ўсведамляць, што ў меню многіх рэстаранаў, напісаных па-беларуску, слова «ялавічына» сёння не рэдкасць: ялавічына з лоем, ялавічына з грыбамі, ялавічына з сырам, ялавічына па-фламандску. У Iнтэрнэце прапануецца гульня «Ялавічына», у асобных рэгіёнах Беларусі існуюць жывёлагадоўчыя праграмы «Ялавічына».
Варта і нам, пакупнікам і гандлярам, часцей прамаўляць гэтае слова, і тады яно стане звыклым, родным, сваім. Як слушна заўважыў В. Марціновіч у прадмове да кнігі «Сцюдзёны вырай»: «Слова жыве, калі яно ёсць у масавай свядомасці, без яе нагадвае экспанат з музея этнаграфіі».
Уладзімір Куліковіч
КІЯХ
Наламаць маладзенькіх кукурузных пачаткаў і, сеўшы пад дрэвам, смачна хрумстаць, асцярожна пазіраючы па баках, ці не ёсць дзе паблізу сямейства дзікоў, якіх вельмі часта здаралася сустракаць сярод бязмежнага мора кукурузных сцёблаў. Крыху пазней ад маці, якая была родам з Віцебшчыны, даведаўся, што пачаткі гэтыя называюцца кіяхамі.
Слоўка гэтае належыць да абласных і прыйшло да нас, як, верагодна, і да іншых народаў, са старажытнай Балгарыі. Напрыклад, у цюркскіх мовах яно мае форму «кіяк», ва ўкраінскай — «кияки, киях, кияшина, кияшник, кияк, кияшки» i служыць для назвы дзівасілу, аеру, мячэўніку і нават кукурузы. У рускай мове «киях» абазначае мячэўнік — расліну з даўгаватымі, гладкімі катахамі на верхавіне, якія вонкава вельмі падобныя да кукурузы.Нашы слоўнікі даюць адзінае напісанне гэтага слова, але ў народнай мове бытуе і другі варыянт — кіяш. Сустракаем яго ў прозе У. Караткевіча: «На поўдні і ў Прыдняпроўі вялікім поспехам карыстаюцца „кіяшы“ — вараная маладая кукуруза. На кіяш кладуць кавалак масла і, пакуль не растаў, падсольваюць і ядуць».
Шчодра пасыпаныя соллю кіяхі і ў наш час можна сустрэць на любым пляжы, вулічных латках і нават у закусачных хуткага харчавання. Неаднаразова згадваюцца яны і ў песенным фальклоры беларусаў:
— На абед што будзеш есці, мілы мой, міленькі?
На абед што будзеш есці, голуб мой сівенькі?
— Ой, булён, міла, калдуны, міла,
Кіяхі, о-ха-ха, чарнабровая мая!
Паспрабуйце! Я ўпэўнены: ніякі папкорн не зможа параўнацца з гэтай сытнай, смачнай і карыснай ежай. Тым больш што кіяхі вельмі каларыйныя: у іх больш калорый, чым у фасолі ці гарошку, багата вугляводаў, крухмалу. Заўважана, што яны незамяняльныя для тых, хто сочыць за сваёй вагой, дапамагаюць пры захворваннях пячонкі, іх выкарыстоўваюць для лячэння дызентэрыі, нервовай сістэмы. А рэгулярнае ўжыванне кукурузнай кашы з сырам сулугуні і кукурузным маслам зніжае верагоднасць анкалогіі.
Уладзімір Куліковіч