Экскурсія №1
“Запрашаем у хату»
1. Слова настаўніка.
Для кожнага з нас сядзіба – тая спадчына, зробленая рукамі і духоўная, якую атрымалі мы ад продкаў і якую павінны годна перадаць сваім дзецям і ўнукам.
Што страцілі мы з гэтай спадчынай? Што прыдбалі за свой век? Уздыхаць па старых рэчах, вяртацца да старога ладу жыцця не варта, але ведаць, як жылі нашы дзяды-прадзеды, — трэба.
І наша экскурсія гэта не энцыклапедычныя даведкі, а хутчэй абразкі з жыцця старой вёскі. Абразкі, перасыпаныя народнымі прыкметамі, прыказкамі і прымаўкамі, жартамі і загадкамі.
Пры яркім свеце бліскавіцы відаць усё навокал. А пры святле свечкі на покуце ў матчынай хаце, пры святле малітвы ў душы відаць і тое, што засталося ў мінулым, і ясніцца шлях у будучыню.
Парог, высечаны з успамінаў,
Астаўся за мной;
Дзверы, на завесах цвыркуновай песні,
Асталіся за мной;
Вокны, зашклёныя вачамі блізкіх, асталіся за мной;
Хата, пакрытая крыламі ластавак,
Асталася за мной, —
Як жа мне не азірнуцца назад,
Нават калі б я застыў
Слупом солі? (М. Танк)
2. Прывітанне гаспадароў:
Хата плача без гаспадыні,
А гумно – без гаспадара. (прыказка)
— Запрашаем у хату, госцейкі дарагія!
. 3. Бусел – сімвал шчаслівага жыцця.
4. Брама, вароты, весніцы.
5. Студня з жураўлём і без жураўля.
6. Хата, сенцы.
7. Прызба, лаўка.
8. Печ.
9. Ложак, палок, палаці.
10. Стол, лава, услон.
11. Куфар.
12. Покуць.
3. Бусел – сімвал шчаслівага жыцця
Напэўна, вясёлы жартаўнік прыдумаў гэты жарт.
Ходзіць бусел па балоце,
Работы не мае.
Траву смыча,
Дзюбай тыча
Ды ўсё пазяхае.
A ці ведаеце вы адкуль з’явіліся на нашай зямлі буслы і чаму яны любяць жыць па вёсках, сярод людзей? Не чулі? Тады слухайце.
Калісь вандраваў па белым свеце добры чараўнік. І заблукаў ён на Беларусь. Бачыць – прыгожая тут зямля. Векавыя пушчы, урадлівыя палеткі, не злічыць рэчак і азёраў… Аднак кепска: развялося шмат розных паўзучых гадаў. Паспачуваў дабрадзей нашым прашчурам. Узяў вялізную торбу і сабраў туды рознае плюгаўства. Ніводнай жабы ці гадзюкі не пакінуў.
Стаміўся ад такой нялёгкай работы. Не хапіла сілы самому падняцца і занесці тую торбу, каб укінуць у бяздонную багну. Таму і клікнуў на дапамогу хлопца, які сена касіў на лузе. Узваліў яму чараўнік торбу на спіну ды загадаў не развязваць па дарозе.
А хлапчук, як на тое, аказаўся вельмі цікаўны. Захацелася яму зірнуць, што ў торбе варушыцца ды сыкае. Схаваўся ён за куст вербалозу і развязаў торбу. Як развязаў – дык самлеў ад страху. Гады тым часам вылезлі і зноўку распаўзліся па ўсёй зямлі.
Добры чараўнік не схацеў другі раз з імі пэцкацца. Начапіў ён падарожную торбу неслуху-касцу на плячо – выправіў яго збіраць выпушчанае плюганства. Толькі хлопец злавіў першую жабу – як ператварыўся ў бусла.
З таго часу і дыбае бусел, нібы касец, па лугах-балотах. Босы, з чырвонымі нагамі, у белай кашулі і з чорнай торбай за спіной. Потым чараўнік злітасціўся над небаракам, паслаў яму на падмогу жонку-бусліху і дзетак-буслянят. А жыць дазволіў у вёсцы, сярод людзей, каб не забыліся, што вядуць свой пачатак ад чалавечага роду.
І сёння цешацца вяскоўцы, калі пры хаце гняздяцца буслы. Лічыцца, што гэтыя божыя птахі ахоўваюць жыллё ад пажару і іншага няшчасця. Каб прывабіць буслоў, гаспадар зацягваў на дрэва ці на край гумна старую барану. А буслы ўжо самі выкладваюць на зубах бараны гняздо – з галля, высцілаюць яго сухой травою і мохам. Буслянка – шыкоўнае гняздо: зверху, як у палацы, жывуць самі буслы, а па баках і ўнізе, у пад суседзях, месцяцца непераборлівыя вераб’і. Раней, калі дзеці бачылі бусла, крычалі:
Бусел-калода,
Што заўтра будзе –
Дождж ці пагода?
Верылі, калі бусел у гэты час памахае крыламі, то пойдзе дождж, калі не – будзе добрае надвор’е.
З птушкамі звязана шмат народных прыкмет: прыляцелі снегіры – будзе снежна на двары; калі бусел скінуў з гнязда бусляня, год будзе сухі, неўрадлівы; ластаўкі рана адлятаюць у вырай – чакай халадоў.
А напрыканцы патлумачце, чаму так гаворяць:
“Калі шанцуе, і бусел танцуе”,
“Адна ластаўка вясны не робіць”,
“Увосень і верабей багаты”.
4. Брама, вароты, весніцы.
Расчыняйце браму –
Едуць госці,
Едуць з вёсак дальніх,
З маладосці.
Расчыняйце браму –
Сёння свята:
Льюцца з вокнаў песні,
Скача хата
Брама – гэта шырокія, звычайна на дзве палавіны вароты, крытыя двухсхільным драўляным дашкам.
Аснову брамы складалі два брусы-вушакі, злучаныя ўгары яшчэ аднім брусам. Для трываласці вушакі рабілі з дубу: апілоўвалі ці гладка абчэсвалі сякераю з чатырох бакоў. На вушаках мацаваліся вароты – з дошак, шчыльна падагнаных адна да адной, каб не бачна было з вуліцы, што робіцца ў двары. Калі ў браму ўваходзілі і весніцы, ставіўся трэці вушак. Плот і брама акаймоўвалі ўсю сядзібу – жылыя і гаспадарчыя пабудовы, агарод і сад.
Цяпер у вёсцы замест брамы часцей ставяцца вароты – аднастворчатыя ці на дзве створкі, на металічных завесах. Вароты, прапускаючы падводу або машыну, “спяваюць” – адны цілікаюць, другія парыпваюць, трэція скрыпяць… Ведаючы гэта, лягчэй адгадаць загадку: “Не жывыя, а пішчаць без злосці кожный раз, як прыязджае хтосьці”.
Вароты ў гумно таксама дашчаныя, глухія – праз іх нічога не відаць. А вароты ў плоце, для праезду на загуменне, глядзяцца як рамы, збітыя з рэдкіх гарызантальных жэрдак.
На сядзібе, якраз каля варот, падслухала некалі вуліца дасціпны дыялог:
— Адчыні вароты!
— А хто едзе?
— Той, што ўсё ўмее
— Глядзі ты, усё ўмее, а трэба яму адчыняць вароты…
Весніцы праразаюцца ў варотах ці ставяцца побач з імі. Гэта лёгкія дзверцы з дошак ці штыкетніку – вузкіх драўляных планак. Пра звесніцы ўваходзяць з вуліцы ў двор, з двара – у сад і ў агарод.
Брама і весніцы здаўна прыгожа размалёўваліся, аздабляліся разьбою. У некаторых гаспадароў яны і сёння глядзяцца як карціна – вачэй не адвесці.
5. Студня з жураўлём і без жураўля.
Добра ў спякоту спыніцца каля студні, дастаць вядро вады, наталіць смагу.
Студня, або калодзеш, — гэта вузкая глыбокая яма, умацаваная драўляным зрубам ці бетоннымі кольцамі. Не ў кожнай вёсцы жыў чалавек, які мог выкапаць студню. Спачатку трэба было знайсці жылу – падземную крыніцу, а потым ужо на тым месцы капаць. Капаць умела і асцярожна, каб не засыпала зямлёю.
І сёння, ходзячы з вёскі ў вёску, спрыяе людзям старая прыкмета-падказка:
“Капай калодзеж на шчаўевым месцы – вада з’явіцца”.
Даўней рабілі студню з жураўлём, які і даставаў з глыбіні ваду. Журавель складаўся са стойкі, рычага-вагі і вочапа. Стойка – ствол дрэва, раздвоены ўгары. На стойцы мацаваўся рычаг-вага – доўгая таўставатая жардзіна з грузам, каменным ці жалезным, — на адным канцы і вочапам – на другім. Вочап – драўляны шост з вядром – апускалі ў студню, чэрпалі ваду і адпускалі паволі, перабіраючы рукамі. Рычаг-вага сам падымаў вядро наверх, заставалася толькі пераліць ваду ў сваё вядро.
Адыходзіў гаспадар з дому, і журавель рычагом-вагою, як крылом, махаў яму на развітанне, нібы жадаў шчаслівай дарогі. А вяртаўся гаспадар на сваю сядзібу, і журавель гэтак жа шчыра, як родны, вітаў яго каля хаты, запрашаў прагнаць смагу крынічнай вадою.
На змену студні з жураўлём прыйшла студня з калаўротам – валам з ручкаю, на які намотваецца ланцуг. Круціш ручку, і вядро бегае ўніз-уверх, дастаючы ваду. Такіе студні звычайна накрываюць драўляным дашкам, каб у іх не траплялі пыл, дождж і снег.
Дасць напіцца вады кожнаму, хто яе адгадае, загадка:
На той свет ідзе – скача,
З таго свету ідзе – плача.
Добра мець студню ў сваім двары. Вады расходуецца шмат: і для хатніх патрэб, і жывёлу напаіць, і градыпаліць у спякоту. А летам у студню, бывае, апускаюць мяса, масла, малако. І халадзільніка не трэба, усё свежае і смачнае – даставай ды еж на здароўе.
А напрыканцы патлумачце, калі і чаму так гавораць:
“У глыбокай студні вада гаючая”, “У яе грыбы растуць пад лаваю, а ў калодзежы рыба плавае”, “Няма смачнейшай вадзіцы, як з роднай крыніцы”.
Добра ў спякоту спыніцца каля студні, дастаць вядро вады, наталіць смагу.
Студня, або калодзеш, — гэта вузкая глыбокая яма, умацаваная драўляным зрубам ці бетоннымі кольцамі. Не ў кожнай вёсцы жыў чалавек, які мог выкапаць студню. Спачатку трэба было знайсці жылу – падземную крыніцу, а потым ужо на тым месцы капаць. Капаць умела і асцярожна, каб не засыпала зямлёю.
І сёння, ходзячы з вёскі ў вёску, спрыяе людзям старая прыкмета-падказка:
“Капай калодзеж на шчаўевым месцы – вада з’явіцца”.
Даўней рабілі студню з жураўлём, які і даставаў з глыбіні ваду. Журавель складаўся са стойкі, рычага-вагі і вочапа. Стойка – ствол дрэва, раздвоены ўгары. На стойцы мацаваўся рычаг-вага – доўгая таўставатая жардзіна з грузам, каменным ці жалезным, — на адным канцы і вочапам – на другім. Вочап – драўляны шост з вядром – апускалі ў студню, чэрпалі ваду і адпускалі паволі, перабіраючы рукамі. Рычаг-вага сам падымаў вядро наверх, заставалася толькі пераліць ваду ў сваё вядро.
Адыходзіў гаспадар з дому, і журавель рычагом-вагою, як крылом, махаў яму на развітанне, нібы жадаў шчаслівай дарогі. А вяртаўся гаспадар на сваю сядзібу, і журавель гэтак жа шчыра, як родны, вітаў яго каля хаты, запрашаў прагнаць смагу крынічнай вадою.
На змену студні з жураўлём прыйшла студня з калаўротам – валам з ручкаю, на які намотваецца ланцуг. Круціш ручку, і вядро бегае ўніз-уверх, дастаючы ваду. Такіе студні звычайна накрываюць драўляным дашкам, каб у іх не траплялі пыл, дождж і снег.
Дасць напіцца вады кожнаму, хто яе адгадае, загадка:
На той свет ідзе – скача,
З таго свету ідзе – плача
Добра мець студню ў сваім двары. Вады расходуецца шмат: і для хатніх патрэб, і жывёлу напаіць, і грады паліць у спякоту. А летам у студню, бывае, апускаюць мяса, масла, малако. І халадзільніка не трэба, усё свежае і смачнае – даставай ды еж на здароўе.
А напрыканцы патлумачце, калі і чаму так гавораць:
“У глыбокай студні вада гаючая”, “У яе грыбы растуць пад лаваю, а ў калодзежы рыба плавае”, “Няма смачнейшай вадзіцы, як з роднай крыніцы”.
У старым календары знайшлася парада: “На тым месцы, дзе хочаце будаваць новую хату, пастаўце гаршчок з павуком. Калі за ноч павук пачне “ткаць кросны”, то месца пад хату абрана добрае”.
Хата – жылы сялянскі будынак. Сцены кладуць з баравой сасны, радзей з елкі. Толькі на падрубу – ніжняе бервяно ў зрубе – ідзе дуб. Моцны, цвёрды, як камень, ён надзейна трымае на сабе ўвесь цяжар хаты.
Страху падымалі на кроквах – брусах, злучаных уверсе пад вуглом, а ўнізе прымацаваных да зруба. На кроквы ўпоперак клалі латы – дошкі або жэрдкі. Крылі хату саломаю і чаротам, дранкаю і гонтаю – тонкімі дошчачкамі.
Глядзіць з хаты на вуліцу, любіць сонечная святло загадка: “Поле шкляное, а межы дрывяныя”.
Цяжка паверыць, што некалі хата абагравалася печчу без коміна. Дым выходзіл праз адтуліну ў столі. Сцены і столь вечна былі чорныя ад дыму і копаці. І падлога ў хаце была не дашчаная, як цяпер, а земляная або глінабітная – халодная, як ток у гумне.
Кожную хату старанна ўцяплялі. Сцены імшылі – перакладалі мохам бярвёны. На столь зверху насыпалі кастрыцу, апілкі, пясок. А ніжнія вянцы знізу абносілі земляным насыпам.
З цягам часу хата, так бы мовіць, пабагацела на халодны пакой – сенцы. Некалі яны не мелі столі, а прыбудоўваліся пад адну страху з хатаю. Тут, у куце, стаялі жорны. Другі кут у сенцах займала камора – халодная кладоўка, дзе захоўваліся запасы ежы, розныя дробныя рэчы, патрэбныя ў гаспадарцы. Цяпер да сянец прыбудоўваюць яшчэ і вяранду – летнюю ашаляваную і зашклёную пляцовачку з дахам на слупах.
У новай вёсцы цешаць вока прыгожыя хаты, ашаляваныя і пафарбаваныя, пад шыферным і бляшаным дахам. Побач з драўлянымі хатамі высяцца дабротныя дамы – цягляныя, блочныя, панельныя. Толькі дзе-небудзь на ціхім хутары можна ўбачыць яшчэ старасвецкую хатку, крытую саломаю.
Мала і няўдзячна назваць хату проста жылым будынкам. Гэта – наша калыска, утульнае і цёплае гняздо, адкуль вылятаем мы ў вырай, куды вяртаемся з блізкіх і далёкіх дарог. Калі няма ўжо на свеце нашых бацькоў, а мы кожны год будзем прыязджаць у родную вёску, на спадчынную сядзібу, — папрацаваць і адпачыць, наталіць смагу ўспамінаў на святой для нас зямлі. І кожны раз нібыта вернемся ў сваю маладосць, у сваё дзяцінства, да жывых яшчэ бацькоў. І зімой халоднаю
Ты не станеш нам чужою,
Хата наша родная,
Хата – з матчынай душою.
А напрыканцы патлумачце, чаму і калі гавораць: “Чужая хата не грэе”, “У сваёй хаце і качарга маці”, “Хто пільнуе свята, у таго пустая хата”.