У Слабадской школе стала добрай традыцыяй у канцы навучальнага года праводзіць творчую справаздачу аб’яднання па інтарэсах “Фальклорна-драматычнае”. Вось і ў гэты раз, 23 мая, у актавай зале ўстановы адукацыі адбылося музыкальна-тэатралізаванае прастаўленне фальклорнага свята “Запрашаем на вячоркі”. Са сцэны гучалі беарускія народныя анекдоты, прымаўкі, неверагодныя вясковыя гісторыі, меладычныя і задорныя песні і прыпеўкі. А традыцыйная “Полька” не пакінула абыякавых у зале. Юныя артысты на некаторы час адправілі гледачоў у цікавае падарожжа ў мінулае. Яны паказалі, што мы маем багатую спадчыну, якую неабходна вывучаць і перадаваць будучым пакаленням. Дзеці напомнілі, адкуль нашы карані, вытокі, а таксама прымусілі задумацца, што з’яўляецца сапраўднай каштоўнасцю нашага жыцця: жыць ў згодзе і радасці, вучыцца ў нашых продкаў мудрасці, помніць іх запаветы.
Такія мерапрыемствы выхоўваюць у дзяцей пачуццё павагі да роднай культуры, узбагачаюць слоўнікавы запас, прыцягваюць увагу да нацыянальных традыцый праз беларускі фальклор, дапамагаюць вучням дакрануцца да спадчыны, адчуць сябе часцінкай сваёй зямлі, свайго народа.