“Фальклорна-драматычнае” аб’яднанне па інтарэсах

“Фальклорна-драматычнае” аб’яднанне па інтарэсах    працуе ў  Слабадской сярэдняй школе не першы год. Яго ўдзельнікамі   з’яўляюцца вучні  8-11 класаў.

 Яно  накіравана на развіццё творчых здольнасцей вучняў і заклікана задаволіць іх інтарэсы.

З антычных часоў чалавецтва выкарыстоўвала тэатр і формы тэатральнага дзейства ў мэтах адукацыі і развіцця асобы і выхавання грамадскай свядомасці.

У наш час заняткі тэатральным мастацтвам дзяцей не згубілі сваёй актуальнасці.

Сёння большасць  школьнікаў  знаходзяцца пад моцным уплывам тэлебачання і віртуальных камп’ютарных гульняў. Нягледзячы на тое, што гэтыя гульні здаюцца ім яркімі і займальнымі,   вучні  часцей за ўсё застаюцца пасіўнымі гледачамі. Гэтыя гульні не закранаюць тых псіха-эмацыянальных цэнтраў, якія адказваюць за работу актыўнага, дзейснага ўяўлення, якое з’яўляецца лакаматывам усёй творчай дзейнасці, агульнага развіцця дзяцей. Кампенсаваць недастаючыя  веды і патрэбнасць у творчасці можна ў сістэме дадатковай адукацыі, займаючыся ў фальклорна-драматычным аб’яднанні па інтарэсах.

Часта школьнікі  страчваюць жаданне і магчымасць мець асабістыя зносіны з равеснікамі, замяняючы чалавечыя ўзаемаадносіны перапіскай з віртуальнымі субяседнікамі і сябрамі з сусветнай інтэрнэт-павуціны. Заняткі ў  аб’яднанні па інтарэсах садзейнічаюць развіццю камунікатыўных уменняў і навыкаў школьнікаў,  развіваюць навыкі міжасабовых  зносін і супрацоўніцтва.

У аснове заняткаў фальклорна-драматычнага аб’яднання па інтарэсах ляжыць самадзейнасць вучняў, таму тут найбольш ярка выяўляюцца асоба школьніка, яго інтарэсы, схільнасці, унутраны свет, маральныя і эстэтычныя ідэалы.

Тэатр цесна звязаны з літаратурай, бо ў час спектакля вучань прагаворвае мастацкі тэкст, акрамя гэтага,  юныя артысты вымушаны “прапусціць праз сябе” з дапамогай мімікі, жэстаў, рухаў тое, чым жыве сцэнічны герой. Яны могуць або павінны плакаць, смяяцца, радавацца, перажываць, адчуваць тую асобу, якую іграюць. Зыходзячы з гэтага, школьнае фальклорна-драматычнае аб’яднанне па інтарэсах ставіць сваёй мэтай фарміраванне асобы творчай, з дэмакратычным і гуманістычным светапоглядам, маральна трывалай, эмацыянальна чулай, з глыбока этычнай, эстэтычнай, моўнай культурай, здольнай пераадолець псіхалагічны бар’ер і трымацца ўпэўнена і свабодна перад вялікай аўдыторыяй.

Пазакласная праца, у прыватнасці фальклорна-драматычнае аб’яднанне па інтарэсах, дапаўняе ўрокі літаратуры. Вучні пашыраюць і замацоўваюць тыя веды і ўменні, якія атрымалі на ўроках, знаёмяцца з фальклорнымі і літаратурнымі творамі, якія не ўключаны ў школьную праграму. Або, наадварот, з дапамогай фальклорна-драматычнага аб’яднання па інтарэсах глыбей разумеюць твор, які вывучаецца на ўроках.

Удзельнікі фальклорна-драматычнага аб’яднання маюць магчымасць прадэманстраваць свае творчыя здольнасці перад вучнямі і настаўнікамі нашай школы, а таксама перад сваімі бацькамі: творчыя справаздачы  работы фальклорна-драматычнага  аб’яднання па інтарэсах на бацькоўскім сходзе  стала добрай традыцыяй.

У мінулым навучальным годзе на суд гледачоў былі прадстаўлены “Вячоркі”.

Работа нашага аб’яднання працягваецца. Зараз мы рыхтуем новыя    “Вячоркі”. Гледачы пачуюць не толькі трапнае беларускае слова, але і цудоўныя народныя песні.

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.