Актуальнасць праграмы гуртка “Сябрую з мовай” у тым, што яна скіравана на культуралагічнае развіццё малодшага школьніка, якое ў значнай ступені забяспечваецца праз пашырэнне і ўзбагачэнне лексічнага запасу маўленчымі сродкамі, характэрнымі для беларускай мовы, насычанай выслоўямі, фразеалагізмамі. У сувязі з гэтым для зместу навучання ў гуртку адабраны ўстойлівыя фрагменты нацыянальнай міфалогіі і фальклору, узоры моўнай этыкетнай традыцыі, фразеалагізмы, параўнанні і інш.
Мэта гуртка “Сябрую з мовай”:
забеспячэнне ўмоў для фарміравання маўленча-камунікатыўнай і лінгвакультуралагічнай кампетэнцый вучняў праз спасціжэнне духоўнай і матэрыяльна-бытавой традыцыйнай беларускай культуры на аснове мастацкіх тэкстаў.
Задачы гуртка “Сябрую з мовай”:
- вучыць спасцігаць характэрныя рысы беларускага маўлення, назіраць і пераймаць яго стылістычныя адметнасці і эмацыянальную выразнасць;
- знаёміць вучняў з элементамі беларускай нацыянальнай духоўнай, абрадавай, бытавой культуры;
- фарміраваць у вучняў асобасна значымыя матывы вывучэння беларускай мовы праз усведамленне яе побытавай прыстасаванасці і нацыянальна-культурнай значнасці;
- спрыяць засваенню вучнямі лексіка-семантычных адзінак у працэсе матываванага суразмоўніцтва і ўвядзенню іх у актыўны слоўнік вучняў;
- садзейнічаць патрыятычнаму, ідэалагічнаму і маральна-этычнаму выхаванню вучняў.
Змест заняткаў скіраваны на тое, каб выклікаць у вучняў цікавасць да беларускай мовы і такім чынам павысіць матывацыю яе вывучэння. Прадугледжваецца знаёмства вучняў з беларускай маўленчай этыкай, моўнымі гульнямі, народнымі песнямі. Паступова змест заняткаў набліжаецца да моўнага назірання над словам: семантыкай, этымалогіяй, міжмоўнай аманіміяй, вобразнымі рэсурсамі слова, дарэчнасцю словаўжывання.