У Слабадской СШ прайшла чарговая творчая справаздача фальклорна-драматычнага аб’яднання па інтарэсах. На суд гледачоў было прапанавана музыкальна-тэатралізаванае прадстаўленне “Кошык весялосці на вясковым падвор’і”. Спачатку яго з задавальненнем паглядзелі вучні і настаўнікі школы, а затым (гэта ўжо стала добрай традыцыяй!) — і бацькі на бацькоўскім сходзе.
Са школьнай сцэны гучалі беларускія народныя жарты і анекдоты, прымаўкі і прыказкі, меладычныя і вясёлыя народныя песні і прыпеўкі. А завадныя беларускія танцы “Полечка” і “Лявоніха” ў выкананні гурткоўцаў не пакінулі абыякавым нікога. Асаблівую атмасферу на сцэне стваралі каларытныя нацыянальныя касцюмы, ручнікі і посцілкі, а таксама рэчы хатняга ўжытку, якімі карысталіся нашы продкі.
Зал прымаў выступленне навучэнцаў вельмі цёпла. Дружныя апладысменты і гучныя словы “малайцы” сталі заслужанай узнагародай для вучняў, якія паказалі свае творчыя здольнасці, уменне карыстацца літаратурнай беларускай мовай, зацікаўленасць тым, каб захоўвалася нацыянальная спадчыны, традыцыі і культура беларускага народа.
І калі ў школе праводзяцца такія мерапрыемствы і вучні, наша маладое пакаленне, з такой цікавасцю, з такой адказнасцю да іх адносяцца, хочацца верыць у тое, што
Жыць будзе Беларусь – мая старонка,
Сярод зямлян жыць будзе беларус!
А разам з беларусам будзе жыць прыгожая, мілагучная беларуская мовы!