Адасабленне азначэнняў
Незалежна ад месца ў сказе адасабляюцца азначэнні:
1. Якія адносяцца да асабовых займеннікаў я, ты, ён, яна, яно, яны, мы, вы |
1. Ён, здзіўлены, паглядзеў на жонку.
2. Стомлены, згаладнелы, з настылымі мокрымі нагамі, ён не мог адолець трывожнага неспакою |
2. Аддаленыя ад паяснёнага слова. | 1. Абросшая вербамі, спакойная цякла рэчка каля самых хат.
2. Сонца ўзнялося над зямлёй, яркае, вясёлае. |
3. Якія маюць дадатковае акалічнаснае значэнне (прычыны, часу, умовы, уступкі) | 1. Задаволеныя, усе весела ўсміхаліся. (Правяраем: Усе ўсміхаліся чаму? па якой прычыне? Бо былі задаволены)
2. Заўсёды смелы і вясёлы, Мікола штось засумаваў. (Правяраем: Мікола штось засумаваў нягледзячы на што? хоць быў заўсёды смелы і вясёлы.) |
Пасля азначаемага назоўніка адасабляюцца азначэнні:
1. Выражаныя прыметным або дзеепрыметным зваротам | 1. На чалавеку быў мулярскі фартух, чырвоны ад цэглы і гліны.
2. Лес, патрывожаны чалавекам, жыў сваім жыццём. |
2. Два і больш адзіночныя азначэнні | 1. Палянкі зноў змяняліся лесам, то стройным баравым, то нізкім балотным.
2. Пад поўнач пасыпаў сняжок, заложны, спорны, густы і сухі. |
Адасабленне дапаўненняў
Адасабляюцца | Не адасабляюцца |
1. Дапаўненні, выражаныя назоўнікамі або займеннікамі ва ўскосных склонах з прыназоўнікамі акрамя, апрача, замест, за выключэннем, уключаючы, якія маюць удакладняльнае значэнне:
Акрамя рыбы, у рэчцы было багата ракаў. Усё лета, за выключэннем некалькіх дзён, Сымон працаваў. Замест адказу, матчыны пальцы даволі блізка знаёмяцца з Міколкавым вухам. |
1. Дапаўненні з прыназоўнікам замест, калі прыназоўнік мае значэнне за:
Сёння Міхась дзяжурыў замест сябра. Правяраем: Сёння Міхась дзяжурыў за сябра. |
2. Удакладняльныя члены сказа, якія пачынаюцца словамі асабліва, нават, пераважна, у тым ліку, у прыватнасці, напрыклад, галоўным чынам і пад. Яны выдзяляюцца ў сказе па сэнсу і інтанацыйна.
У сям’і быў такі няпісаны закон: калі Зіна загадвала, выконвалі ўсе, нават бацька. Думка ўсім спадабалася, асабліва жанчынам. Уперадзе каля самай дарогі стаяў лясок, пераважна бярозавы. |
2. Калі словы асабліва, нават, пераважна не маюць удакладняльнага значэння.
Лес быў пераважна хваёвы. Паветра было такое чыстае, што не мігацелі нават далёкія агні. Дзень быў асабліва сонечны. |
Адасабленне акалічнасцей
Адасобленыя акалічнасці часцей за ўсё выражаюцца дзеепрыслоўнымі словазлучэннямі, адзіночнымі дзеепрыслоўямі, назоўнікамі ў спалучэнні з прыназоўнікамі.
Адасабляюцца акалічнасці
1. Выражаныя дзеепрыслоўнымі словазлучэннямі або адзіночнымі дзеепрыслоўямі незалежна ад месца ў сказе | Дзядзька, цеста змяшаўшы, качаў галушкі, міску ўзяўшы.
Не змаўкаючы, гула завіруха. |
2. Калі ў сказе займаюць месца пасля злучнікаў, то аддзяляюцца ад іх коскамі (акрамя злучніка а)
Заўвага. Паміж злучнікам а і дзеепрыслоўем (дзеепрыслоўным варотам) коска будзе ставіцца тады, калі пропуск адасобленай акалічнасці не парушае структуру сказа. Ён не спыніўся, а, выбраўшы больш зручнае месца, рушыў наперад. Правяраем: Ён не спыніўся, а рушыў наперад. |
Антаніна Арцёмаўна апошні раз аглядзела стол і, уздыхнуўшы, стомлена апусцілася на канапу. |
3. Калі выражаны назоўнікамі з прыназоўнікамі нягледзячы на, дзякуючы, з прычыны, у выніку і інш. | Нягледзячы на водбліск полымя, твар у салдата пабялеў.
На палях, дзякуючы цёплым дажджам, усё зазелянела. |
4. Калі маюць удакладняльнае значэнне (канкрэтызуюць, звужаюць значэнне слова, да якога яны адносяцца) | Сяргей пайшоў назад, дадому.
Тут, на палянцы, сярод цёмнага лесу, панавала надзвычайная цішыня. |
Не адасабляюцца акалічнасці
1. Выражаныя адзіночным дзеепрыслоўем, маюць значэнне спосабу дзеяння (адказваюць на пытанні як? якім спосабам?), стаяць пасля дзеяслова-выказніка. | Чытаць лежачы шкодна.
Песні салаўіныя льюцца не сціхаючы. |
2. Выражаныя фразеалагізмамі. | Трэба быць аптымістам і жыць не апускаючы рук.
Дзеці растуць на лес гледзячы. |
3. Калі ўваходзяць у рад аднародных членаў з неадасобленымі акалічнасцямі і звязваюцца адзіночным спалучальным злучнікам. | Імкліва і булькаючы выбягала з крынічкі вада. |
Адасабленне прыдаткаў
Прыдатак – разнавіднасць азначэння, выражаная назоўнікам, які дапасуецца да паяснёнага слова ў склоне і ліку: дуб-волат. Як франтавік, ён дайшоў да Эльбы.
Адасабляюцца прыдаткі | Прыклады |
Адзіночныя і развітыя, якія адносяцца да асабовага займенніка | Тонкая натура, яна адчула насцярожанасць, з якою ставілася да яе суседка.
Ён, сын адваката, жыў у чысціні, у дастатку, добра апранаўся. |
Якія маюць дадатковае акалічнаснае значэнне (прычыны або ўступкі) | Вялікі гуманіст, Якуб Колас быў заўсёды прасякнуты клопатам пра чалавека.
Правяраем: Якуб Колас быў заўсёды прасякнуты клопатам пра чалавека чаму? па якой прычыне? таму што быў вялікім гуманістам. |
Развітыя, якія стаяць пасля назоўніка | Гаспадыня, жанчына жвавая і гаваркая, сустрэла мяне прыветна. |
Адзіночныя і развітыя, якія адносяцца да ўласнага назоўніка і стаяць пасля яго | Прыход Зарубы, фельчара, памог Пятру падняцца.
Лены, дачкі Івана Пятровіча, дома не было. |
Якія паясняюць і даюць другую (сінанімічную) назву прадмету ці з’яве і звязваюцца з паяснёным словам злучнікамі ці, або | Шыпшына, або дзікая ружа, не любіць нізкіх мясцін.
Берасцянка, ці зяблік, жыве ў глухіх хвойных ці лісцёвых лясах. |
Якія звязваюцца з паяснёным назоўнікам злучнікам як і мае значэнне прычыны. | Як урач, ён клапаціўся пра яе здароўе.
Правяраем: Ён клапаціўся пра яе здароўе чаму? таму што быў урачом |
Якія звязваюцца з паяснёным назоўнікам словамі па прозвішчы, па мянушцы, па клічцы і інш. | Міхась, па мянушцы Барадаты, сядзеў на лаўцы свайго дзеда. |
Заўвага 1. Калі злучнік як мае значэнне “ў якасці”, то прыдатак адасабляцца не будзе: У наш час шырока выкарыстоўваецца камень як будаўнічы матэрыял. Правяраем: У наш час камень часта выкарыстоўваецца ў якасці будаўнічага матэрыялу.
Заўвага 2. На пісьме адасобленыя прыдаткі могуць выдзяляцца працяжнікамі, калі ім надаецца асаблівае гучанне і перад імі можна паставіць словы а іменна, гэта значыць: У гісторыі навучальных устаноў асобае месца займае гэты перыяд – першыя пасляваенныя гады.