З мэтай выхавання у вучняў павагі да роднай мовы, да беларускага народа, яго гістарычнага мінулага, культурнай спадчыны ў Слабадской сярэдняй школе для вучняў 7-8 класаў была арганізавана і праведзена інтэрактыўная гульня “Я нарадзіўся беларусам, беларусам буду жыць!”
Мерапрыемства пачыналося з цікавага відэароліка, якія апавядаў пра прыгажосць і непаўторнасць краявідаў Бацькаўшчыны, яе гістарычнае мінулае і сучаснаснасць. Вучні адразу апынуліся ў шчымліва-роднай атмасферы паэтычнасці і беларускасці. Затым каманды праявілі свае веды і кемлівасць ў розных намінацыях: “Радзіма”, “Культурная спадчына”, “У свеце народных традыцый”, “Крок у будучае”, “Беларуская літаратура”, ”Беларуская мова”, “Перакладчыкі”, “Фалькларысты”, “Геогафы”.
А напрыканцы гульні ўвазе вучняў быў прапанаваны кліп песеннай візітоўкі нашага краю — “Жураўлі на Палессе ляцяць”, які не пакінуў раўнадушным нікога: навучэнцы з задавальненненм спявалі разам з легендарнымі “Песнярамі”.
Дзякуючы такім мерапрыемствам школьнікі ўсведамляюць, што краіна, у якой мы жывём, — гэта самы цудоўны падарунак лёсу, самае дарагое, што ў нас ёсць. Патрэбна толькі сэрцам адчуць еднасць з ёй, ведаць мінулае роднага краю, ганарыцца яго культурнай спадчынай.
Расце маладое пакаленне, якое здольна жыць і працаваць дзеля таго, каб квітнела Айчына, гучала родная мова. Не гасне агеньчык у зацікаўленых вачах вучняў, расце вера ў будучае Беларусі – моцнай, квітнеючай дзяржавы!
І хочацца верыць у тое, што
Жыць будзе Беларусь – мая старонка,
Сярод зямлян жыць будзе беларус!