У гэтым навучальным годзе выпускнікі будуць здаваць цэнтралізаваны экзамен у форме тэсціравання. Гэта дазволіць аб’ектыўна ацаніць веды кожнага выпускніка, забяспечыць навучэнцам роўны доступ да атрымання вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
Тэсціраванне мае на мэце праверку ступені валодання выпускнікамі школ усімі літаратурнымі нормамі беларускай мовы: арфаэпічнымі, лексічнымі, акцэнталагічнымі, граматычнымі, стылістычнымі, арфаграфічнымі і пунктуацыйнымі.
Заданні тэсту адпавядаюць наступным раздзелам курса беларускай мовы:
♦ Мова. Маўленне. Тэкст.
♦ Арфаэпія і арфаграфія.
♦ Лексіка і фразеалогія.
♦ Словаўтварэнне і арфаграфія.
♦ Марфалогія і арфаграфія.
♦ Сінтаксіс і пунктуацыя.
У тэставай рабоце правяраецца практычная пісьменнасць, культура мовы і моўная кампетэнцыя навучэнцаў, веданне граматыкі і стылістыкі беларускай мовы. Праверка ўзроўню валодання вучнямі тэарэтычнымі ведамі і набытымі практычнымі ўменнямі пры вывучэнні беларускай мовы носіць аб’ёмны і ўсебаковы характар.
Для паспяховага выканання тэставай работы вучні павінны ведаць:
♦ правапіс галосных;
♦ правапіс й, ы пасля прыставак;
♦ прыстаўныя гукі;
♦ правапіс у-ў,
♦ правапіс мяккага знака і апострафа;
♦ правапіс спалучэнняў зычных;
♦ правапіс вялікай літары;
♦ напісанне слоў асобна, разам, праз злучок;
♦ правапіс канчаткаў назоўнікаў;
♦ ужыванне роду і ліку назоўнікаў;
♦ ужыванне часоў дзеясловаў;
♦ правапіс лічэбнікаў;
♦ ужыванне і правапіс займеннікаў;
♦ правапіс прыслоўяў;
♦ ужыванне і правапіс дзеепрыметнікаў;
♦ ужыванне і правапіс дзеепрыслоўяў;
♦ ужыванне і правапіс не(ня), ні з рознымі часцінамі мовы;
♦ адасабленне даданых членаў сказа;
♦ пабочныя і ўстаўныя словы, зваротак;
♦ параўнальны зварот;
♦ просты і складаны сказ;
♦ віды складаных сказаў, знакі прыпынку ў іх;
♦ аднародныя члены сказа;
♦ спосабы перадачы чужой мовы.
У тэсце правяраюцца наступныя ўменні:
♦ уменне знаходзіць у слове арфаграмы;
♦ уменне вызначаць прамое і пераноснае значэнне слоў;
♦ уменне правільна ставіць націск;
♦ уменне вызначаць у сказе сэнсавыя часткі, якія патрабуюць выдзялення знакамі прыпынку;
♦ уменне бачыць парушэнні лексічных, граматычных, сінтаксічных нормаў;
♦ уменне вызначаць стылістычную прыналежнасць тэксту па пэўных моўных паказчыках;
♦ уменне аналізаваць і выкарыстоўваць адпаведныя сэнсавым адносінам сродкі сувязі сказаў у тэксце;
♦ уменне бачыць стылістычныя асаблівасці і выяўленча-вобразныя сродкі тэксту.
Вучням вельмі важна правільна размяркоўваць час пры выкананні тэставых заданняў, умець пераключаць увагу з адной тэмы на другую, спачатку выконваць тыя заданні, якія пададуцца больш лёгкімі, бо кожнае правільна выкананае заданне дабаўляе балы. Яны павінны ведаць, што на выкананне тэставай работы адводзіцца 110 хвілін, у кожным заданні можа быць 1, 2 і больш правільных адказаў, перад пачаткам работы неабходна ўважліва прачытаць фармулёўку задання.
Тэст складаецца з дзвюх частак, у якія будуць уваходзіць заданні пяці ўзроўняў складанасці. У першай частцы выкарыстоўваюцца заданні закрытага тыпу (даюцца варыянты адказаў, а вучні выбіраюць правільны адказ) і адкрытага тыпу (вучні самі запісваюць адказ).
Экзамен у любой форме — сітуацыя экстрэмальная, таму важна псіхалагічна падрыхтавацца да гэтага: настроіць сябе на пазітыўныя адносіны да будучых іспытаў, навучыцца канцэнтраваць увагу, кантраляваць свае эмоцыі.
Для таго каб упэўнена і паспяхова выканаць заданні тэсту, карысна:
♦ спакойна абдумаць пытанні;
♦ рацыянальна выкарыстаць адведзены час: спачатку выканаць тыя заданні, якія пададуцца больш простымі, пасля — больш складаныя;
♦ не спяшацца з адказамі, уважліва ўчытвацца ў заданні;
♦ правільна і дакладна запісваць адказы ў бланк, не спяшаючыся запаўняць яго адразу; лепш гэта зрабіць пасля праверкі задання.
Паспяховасць выканання тэставых заданняў забяспечваецца правільным падыходам да выкарыстання сваіх ведаў, уменняў, навыкаў, а таксама псіхалагічных рэсурсаў.
Апошнім часам у продажы з’явілася шмат дапаможнікаў з тэстамі па беларускай мове, аднак пры падрыхтоўцы да тэсціравання пажадана выкарыстоўваць толькі тыя, што маюць грыф Міністэрства адукацыі