На працягу некалькіх гадоў у Слабадской школе дзейнічае “Фальклорна-драматычнае” аб’яднанне, якое наведваюць вучні 8-10-х класаў. Яго мэта-засваенне фальклорнай спадчыны беларускага народа, забеспячэнне ўмоў для развіцця творчых здольнасцей вучняў. На занятках вучні далучаюцца да скарбаў нацыянальнай культуры, да каранёў і вытокаў свайго народа, да глыбіннага беларускага слова, якое павінна загучаць на роднай мове на роднай зямлі на поўны голас. Навучэнцы з задавальненнем кожны год рыхтуюць новае прадстаўленне з трапным народным гумарам, з напеўнымі і задорнымі народнымі песнямі і заваднымі танцамі. Праца ў гэтым накірунку прыцягвае да сябе вучняў, пашырае іх кругагляд, развівае самыя разнастайныя станоўчыя якасці: камунікатыўнасць, калектывізм, узаемадапамогу. Выкарыстанне ў выхаваўчым працэсе беларускага фальклору мае бязмежныя магчымасці па развіцці патрыятычных і грамадзянскіх пачуццяў школьнікаў. З дапамогай мастацкага слова ён уплывае на светапогляд, думкі вучняў, фарміруе іх нацыянальную самасвядомасць.