Быў час, калі папрадухамі ў вёсцы былі ўсе: маці вучыла прасці дачку, бабка – унучку. Нават гульня такая была – «Папрадуха». Дзяўчынка брала дошчачку, прывязвала да яе жменьку травы – «кудзелю» і прала. Сур’ёзна, як дарослая, седзячы за прасніцаю.
Прасніца і калаўрот займаюць адметнае месца ў нашым этнаграфічным кутку «Хата з матчынай душою». Давайце з імі бліжэй пазнаёмімся.
Прасніца – драўляная прылада для прадзення. Складаецца з дзвюх частак: лопасці, падобнай на лапату або на вясло, і днішча, у якое пад прамым вуглом устаўляецца ножка лопасці. Да лопасці падвешваецца барада – воўна, кудзеля, пянька. Папрадуха левай рукою выцягвае з барады валасінкі-валаконцы, а правай круціць верацяно, навіваючы на яго нітку.
Пазней на дапамогу прасніцы прыйшоў калаўрот. Складаецца ён з вялікага драўлянага кола, педалі-понажа і прадзільнага апарата. Педаль прыводзіць у рух кола, а яно прымушае працаваць прадзільны апарат. З прасніцы, прымацаванай да калаўрота, цягнуцца ваўняныя ці кужэльныя валаконцы, скручваюцца ў нітку і намотваюцца на шпулю.
Бывалі калаўроты-стаякі і калаўроты-лежакі. Адрозніваліся яны тым, што ў стаяку кола знаходзілася пад прадзільным апаратам, а ў лежаку – збоку. На абодвух калаўротах прасці было лягчэй і хутчэй, чым седзячы за прасніцаю.
Патлумачце, калі і чаму так гавораць: «Якая папрадуха пры кудзелі, такое палотно ў белі», «Калі нітка вядзецца, то і на трэску прадзецца», «Язык ляшчыць, што калаўрот трашчыць».