Як ты дорага мне, родная мова!

З 24 красавіка па 29 красавіка 2023 года ў пачатковай школе прайшоў тыдзень беларускай мовы і літаратуры «Як ты дорага мне, родная мова!». Дэвізам тыдня сталі вершаваныя радкі:

…І ў палацы, і на сцежцы вузкай,
Каб душа магла пачуць душу,
Размаўляй са мной па-беларуску,
Размаўляй па-роднаму, прашу.

Марыя Новікава

Мэта тыдня —   падтрымаць цікавасць вучняў  да беларускай мовы і літаратуры як да вучэбных прадметаў і як да духоўнага здабытку народа. Гульнёвыя праграмы, віктарыны, моўныя турніры, конкурсы і аўкцыёны  садзейнічалі развіццю інтэлектуальных магчымасцей школьнікаў, іх творчых здольнасцей, выхаванню любові і павагі да роднай мовы. Акцыя “Далучы сваю далонь” паказала шчырасць і неабыякавасць нашых вучняў да лёсу мовы і Радзімы.   Запамінальным быў конкурс чытачоў “Мова родная – мова модная”. У ім  прынялі ўдзел вучні, якія праз паэтычныя радкі змаглі выказаць цікавасць да літаратурнай спадчыны сваёй краіны і перадаць пачуццё гонару за свой народ. Забаўляльная праграма “Беларускія гульні” таксама садзейнічала працэсу разумення і авалодвання беларускай мовай, выкарыстанню трапных выразаў у паўсядзённым жыцці. Школьнікі  прынялі актыўны ўдзел у віктарыне “Па старонках беларускіх народных казак”. У час мерапрыемства быў вызначаны самы кемлівы знаўца беларускіх народных казак. Конкурс-афішаванне «Мой любімы літаратурны герой» дазволіў вучням паспрабаваць сябе ў ролі мастакоў. Дзеці з вялікім задавальненнем зрабілі малюнкі да любімых беларускіх твораў. Падчас гульні “Загадкі з бабулінай хаткі” хлопчыкі і дзяўчынкі ўзбагачалі свой слоўнікавы запас, выхоўвалі павагу да роднага слова праз знаёмства са спадчынай беларускага народа. На моўным  турніры “Гонкі за ведамі” вучні з захапленнем адгадвалі крыжаванкі  і рэбусы, складалі прыказкі, адказвалі на пытанні. Прыемна было пачуць беларускае слова на інтэрактыўным перапынку “Знаўцы беларускай мовы”. Па выніках конкурсу «Мой сшытак – мой твар» быў вызначаны самы лепшы сшытак у кожным класе. Усе мерапрыемствы тыдня садзейнічалі далучэнню вучняў да беларускай літаратурнай спадчыны, прывіццю любові да роднага беларускага слова, выхаванню нацыянальнай самасвядомасці.

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.